БЕРАСЦЯ́НЫЯ ГРА́МАТЫ,

пісьмы, запіскі, дакументы 11—15 ст. на бяросце, выяўленыя пры раскопках стараж. усх.-слав. гарадоў. На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі завостранай касцяной ці жал. палачкай — пісалам. Вядома больш за 750 Берасцяныя гграматы, у т. л. Ноўгарада, Старой Русы (23 граматы), Смаленска (10), Пскова (8), Звянігарада (Украіна; 3) і інш. На Беларусі выяўлены ў Віцебску (13—14 ст.) і Мсціславе (пач. 13 ст.). Асн. тэма грамат 11—12 ст. — крэдыторства, пазыка грошай; 13—15 ст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы, феад. павіннасці, абавязацельствы, завяшчанні. У наўгародскіх граматах упамінаюцца жыхар Полацка і палонны, выкуплены з Полацка; берасцяная грамата 11 ст. напісана Жыравітам, жыхаром Полацка, Смаленска ці Віцебска.

Літ.: Арциховский А.В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). М., 1963; Янин В.Л. Я послал тебе бересту... 2 изд. М., 1975; Тарасаў С.В. З гісторыі полацкай эпіграфікі Х—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991.

Г.В.Штыхаў.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)